ІМАНЕ́НТНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

плынь у ням. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст., якая атаясамлівала быццё, пазнавальную рэальнасць са зместам свядомасці і адмаўляла існаванне незалежнай ад свядомасці рэчаіснасці. Найб. вядомыя яе прадстаўнікі В.​Шупе (заснавальнік), Р.​Шуберт-Зольдэрн, А.​Леклер, М.​Каўфман і інш. Гал. свае ідэі Шупе выклаў у кн. «Тэарэтыка-пазнавальная логіка» (1878). І.ф. грунтавалася на крытычна пераасэнсаванай у суб’ектыўна-ідэалістычнага духу філасофіі І.​Канта і спецыялізавалася ў галіне гнасеалогіі. Прадстаўнікі І.ф. лічылі, што рэчаіснасць, мысленны аб’ект непасрэдна дадзены пазнавальнаму суб’екту, іманентны яго свядомасці (адсюль і назва І.ф.). Асн. яе тэзісы: існуе толькі тое, што мысліцца, аб’ект непарыўна звязаны з суб’ектам, існуе родавая (усеагульная) свядомасць, якая выступае ў якасці гаранта і крытэрыя аб’ектыўнасці. Асобныя ідэі І.ф. знайшлі адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, фенаменалогіі і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)